Ухваленыя 27 творчых праектаў на агульную суму каля 412 тысяч еўраў, лідаруюць у пададзеных заяўках кіно і музыка

Падведзеныя вынікі чацвёртага туру конкурсу на атрыманне грантаў і мабільнасцяў праграмы ArtPower Belarus Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытуту культуры, што ладзіцца пры фінансавым падтрыманні Еўразвязу.

Экспертная і адборачная камісіі вызначылі 16 праектаў – атрымальнікаў мідзі-грантаў на агульную суму 365 тысяч еўраў, 11 праектаў – атрымальнікаў міні-грантаў з супольным бюджэтам каля 47 тысяч еўраў, фінансаванне атрымалі 8 групавых і індывідуальных заявак на гранты мабільнасці, якія можна скарыстаць на паездкі для працы, навучання, даследаванняў ды іншага. 

Як заўжды, канкурэнцыя ў межах конкурсу была надзвычайна жорсткая. Мяркуйце самыя: усяго ў межах туру арганізатары атрымалі 120 заявак на мідзі-гранты на агульную суму больш як 4 мільёны еўраў, 72 заяўкі на міні-гранты на агульную суму больш як 320 тысяч еўраў і 15 заявак – на праграму мабільнасці. Попыт на падтрыманне перавысіў фінансавыя магчымасці гэтага этапу ArtPower Belarus амаль у 10 разоў! 

Адметна, што бальшыня пададзеных заявак належыць да сфераў кіно, музыкі, літаратуры, тэатру, выяўленчага мастацтва, медыяў, міжсектаральных распрацоўванняў. Заўважную гэтым разам колькасць склалі праекты са сфераў кіно і музыкі.

 

Заяўкі традыцыйна ацэньвалі за два этапы. Спачатку працавала экспертная камісія, куды ўвайшлі 22 адмыслоўцы з розных сфераў, затым – адборачная камісія, якая склалася з трох прадстаўнікоў Дацкага інстытуту культуры, двух прадстаўнікоў Беларускай Рады культуры і запрошанага эксперта, якім ужо традыцыйна стаўся былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан. 

Маё галоўнае ўражанне пасля гэтага туру ArtPower Belarus цалкам супадае з высновамі пасля першага адбору: крэатыўныя ідэі, якія беларускія творцы прапануюць у сваіх культурніцкіх праектах, неабмежаваныя. Гэта яшчэ адно пацверджанне важнасці падтрымкі справы ўмацавання беларускай культурнай ідэнтычнасці ў гэтыя цяжкія часы, калі многія беларусы былі вымушаныя пакінуць сваю краіну, – адзначае спадар Эрыксан. – Разам з тым мне крыху балюча, бо разумею, што толькі частка таленавітых і прафесійных заявак можа быць ухваленая. Спадзяюся, што ўдзельнікі конкурсу з разуменнем паставяцца да абмежаванняў праграмы і рашэнне адборачнай камісіі не прывядзе да разладу сярод беларусаў. Я шчыра радуюся за прэтэндэнтаў, якія атрымалі гранты на свае праекты, але спачуваю тым, каго, на жаль, гэтым разам няма ў ліку падтрыманых. Хочацца, каб усе беларусы аб’ядналіся вакол каштоўнасцяў, якімі з’яўляюцца іх непаўторная культура, гісторыя і мова. Бо гэта падмурак для будучай свабоднай і дэмакратычнай Беларусі.

Праграма ArtPower Belarus доўжыцца. 

Дасяжны ў праграме бюджэт на мідзі-гранты вычарпаны, таму на гэты тып падтрымання прыёму праектных прапановаў больш не будзе. Але заяўкі на міні-гранты і праграму мабільнасці ўжо прымаюцца. Гэтак, наступны дэдлайн для міні-грантаў17 красавіка 2024 года (старт праектаў – чэрвень 2024); для праграмы мабільнасці20 сакавіка 2024 (пачатак мабільнасці – травень 2024). Неўзабаве таксама распачнецца адбор навучэнцаў у Школу арт-менеджменту, яе праграма распрацаваная адмыслова для заглыблення беларускіх дзеячаў культуры ў прафесію і знаёмства з адметнасцямі функцыянавання сферы ў Еўропе. 

За ўсімі актуальнымі дэдлайнамі і абвесткамі ArtPower Belarus сачыце на сайце Рэсурснага цэнтру Беларускай Рады культуры і ў нашым афіцыйным тэлеграм-канале. На сайце вы таксама знойдзеце адмысловы раздзел, прысвечаны праектам, падтрыманым у межах ArtPower Belarus (цяпер там інфармацыя пра грантаатрымальнікаў 2023 года). 

Увага! Грант-менеджары ArtPower Belarus ужо адправілі лісты з вынікамі адбору абсалютна ўсім удзельнікам конкурсу. Калі вы падавалі заяўку, але не знайшлі ў паштовай скрыні нашага адказу, калі ласка, уважлівей праверце ўсе тэчкі свайго паштовага сервісу (з улікам катэгорыяў «Спам», «Рэклама», «Прамацыйныя акцыі»). Калі засталіся пытанні ці вы хочаце атрымаць ацэначныя табліцы з каментарамі экспертаў, пішыце на resourse@byculture.org.

 

Апублікавана 31.01.2024

АПОШНІЯ НАВІНЫ

Slide 1
Slide 1
Slide 1
Slide 1
Slide 1
previous arrow
next arrow