31 заяўка на амаль 500 тысяч еўраў: праект ArtPower Belarus вылучае першыя гранты.

Завяршыўся першы адбор заявак на гранты ў межах праекту ArtPower Belarus Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытуту культуры. Экспертная і адборачная камісіі вызначылі 16 атрымальнікаў мідзі-грантаў на агульную суму каля 440 тысяч еўраў і 6 атрымальнікаў міні-грантаў на агульную суму больш за 25 тысяч еўраў. 9 чалавек атрымаюць гранты мабільнасці, якія можна скарыстаць на паездкі для працы, навучання, даследаванняў ды іншага, на суму больш за 20 тысяч еўраў. Агулам на культурніцкія праекты ды гранты мабільнасці ў межах першага кола вылучаць 485 тысяч еўраў.

Самая вялікая колькасць заявак прыйшла на мідзі-гранты – з іх было прынята 179 на агульную суму больш за 7 мільёнаў еўраў. Пададзеныя праекты належаць сферам літаратуры, кіно, тэатру, адукацыі, музыкі, арганізацыі імпрэзаў, выяўленчага мастацтва, відэамастацтва, захавання спадчыны, медыяў ды інстытуцыянальнага падтрымання.

“Такая колькасць заявак, а галоўнае – якасных заявак, сведчыць пра вялізны патэнцыял беларускай культуры, – дзеліцца кіраўнік Беларускай Рады культуры і сябра адборачнай камісіі Сяргей Будкін. – Гэта маё галоўнае адкрыццё і натхненне ArtPower Belarus: ён выявіў, як багата ў нас творцаў, якія ў складаных умовах гатовыя ствараць далей. Але відавочна, у праекту недастаткова рэсурсаў на падтрымку ўсіх ідэяў, якія варта было б падтрымаць, у межах першага кола для фінансавання была адабраная толькі адна дзясятая частка пададзеных заявак. Гэта сігнал для нас і нашых партнёраў: развіццё беларускай культуры вымагае большых высілкаў і значна большых рэсурсаў”.

На міні-гранты былі прынятыя 23 заяўкі на агульную суму амаль 100 тысяч еўраў, большасць з іх – са сферы літаратуры і выяўленчага мастацтва. 11 чалавек падалі заяўкі на гранты мабільнасці на агульную суму больш за 20 тысяч еўраў.

Кожны праект ацэньвалі экспертная камісія, куды ўвайшло 15 чалавек, і адборачная камісія, якая склалася з трох прадстаўнікоў Дацкага інстытуту культуры, двух прадстаўнікоў Беларускай Рады культуры і запрошанага эксперта, якім стаўся былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан.

Мэс Эстэрґор (Mads Østergaard), часовы дырэктар Дацкага інстытуту ў Эстоніі, Латвіі і Літве (Беларусі і Украіне) ды сябра адборачнай камісіі, адзначыў: “Я па-сапраўднаму ўражаны колькасцю атрыманых заявак і іх высокай якасцю. Разгляд усіх прапановаў культурніцкіх праектаў пераканаў мяне ў таленавітасці, багацці і разнастайнасці беларускага мастацтва і творцаў. Хаця, на жаль, мы можам падтрымаць толькі частку праектаў, я ганаруся тым, што DCI адыгрывае невялікую ролю ў захаванні актыўнага, інклюзіўнага і разнастайнага беларускага культурніцкага жыцця”.

Наступны кол на мідзі-гранты ў межах разлічанага на 28 месяцаў праекту ArtPower Belarus будзе абвешчаны ў канцы 2023 года, заяўкі на міні-гранты і гранты мабільнасці можна падаваць цягам усяго перыяду. Зрабіць гэта можна на сайце Рэсурснага цэнтру Беларускай Рады культуры. Разглядацца заяўкі будуць кожны квартал.

Новая Беларусь – наш супольны арт-праект!

Апублікавана 21.04.2023

АПОШНІЯ НАВІНЫ

Slide 1
Slide 1
Slide 1
Slide 1
Slide 1
previous arrow
next arrow