Падведзеныя вынікі пятага і шостага тураў конкурсу на атрыманне грантаў і мабільнасцяў праграмы ArtPower Belarus Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытуту культуры, што ладзіцца пры фінансавым спрыянні Еўразвязу. Сродкі, вылучаныя на падтрыманне міні-праектаў, вычарпаныя, таму тур завяршальны для гэтай часткі праграмы.
Экспертная і адборачная камісіі, якая збіраліся двойчы: напрыканцы красавіка і напрыканцы траўня, вызначылі 19 праектаў – атрымальнікаў міні-грантаў на агульную суму каля 92 тысяч еўраў, фінансаванне таксама атрымалі 11 групавых і індывідуальных заявак на гранты мабільнасці, якія можна скарыстаць на паездкі для працы, навучання, даследаванняў ды іншага.
Як заўжды, канкурэнцыя ў межах конкурсу была надзвычайна жорсткая. Мяркуйце самыя: усяго ў межах шостага туру арганізатары атрымалі 100 заявак на міні-гранты на агульную суму больш як 455 тысяч еўраў. На мабільнасці (у пятым туры) прэтэндавалі 24 заяўкі з агульным бюджэтам больш як 79 тысяч еўраў. Попыт на міні-гранты перавысіў фінансавыя магчымасці гэтага этапу ArtPower Belarus у 5 разоў! Запыт на мабільнасці ўдвая перавысіў прапанову.
Адметна, што бальшыня пададзеных на міні-гранты праектных заявак належыць да сфераў літаратуры, міжсектаральных распрацоўванняў, выяўленчага мастацтва і музыкі. Заўважную гэтым разам колькасць склалі праекты са сфераў кіно і тэатру.
Заяўкі традыцыйна ацэньвалі за два этапы. Спачатку працавала экспертная камісія, куды ўвайшлі 13 адмыслоўцаў з розных сфераў, затым – адборачная камісія, якая склалася з трох прадстаўнікоў Дацкага інстытуту культуры, двух прадстаўнікоў Беларускай Рады культуры і запрошанага эксперта, якім ужо традыцыйна стаўся былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан.
– Мы атрымалі безліч бліскучых прапановаў, заяўкі былі запоўненыя трапна: бачна, як выраслі нашыя апліканты і аперуюць у даволі складаных бюракратычных рамках ArtPower Belarus. Мы са свайго боку, тым часам, зрабілі ўсё магчымае, каб максімальная колькасць заявак атрымала фінансаванне. Таму віншую пераможцаў і зычу плённай працы! Разам з тым ганаруся ўсімі, хто знайшоў смеласць і моц падацца да нас і выкласці на паперу свае ідэі. Застаемся на сувязі ў спадзеве на далейшае супрацоўніцтва, — кажа грант-менеджарка праграмы ArtPower Belarus Эліна Калнібалоцкая.
Увага! Грант-менеджары ArtPower Belarus ужо адправілі лісты з вынікамі адбору абсалютна ўсім удзельнікам конкурсу. Калі вы падавалі заяўку, але не знайшлі ў паштовай скрыні нашага адказу, калі ласка, уважлівей праверце ўсе тэчкі свайго паштовага сервісу (з улікам катэгорыяў «Спам», «Рэклама», «Прамацыйныя акцыі»). Калі засталіся пытанні ці вы хочаце атрымаць ацэначныя табліцы з каментарамі экспертаў, пішыце на resource@byculture.org.
Апублікавана 06.06.2024
АПОШНІЯ НАВІНЫ