Завяршылася першая эдыцыя праграмы ArtPower Belarus. Падводзім яе вынікі

Маштабная праграма спрыяння беларускай культуры “ArtPower Belarus: захаванне беларускай грамадскай прасторы праз культуру і мастацтва” стартавала ў канцы 2022 года і доўжылася да канца лютага 2025-га пры фінансавым падтрыманні Еўразвязу. Імплементатары ArtPower Belarus – Беларуская Рада культуры і Дацкі інстытут культуры.

У межах праграмы прайшоў вялікі конкурс праектных заявак, у выніку якога былі падтрыманыя 140 праектаў і мабільнасцяў беларускіх творцаў, адбыўся пілотны выпуск школы арт-менеджменту, былі зладжаныя 2 базавыя даследаванні актуальнага стану культурніцкай галіны, публікаваліся агляды асноўных падзеяў і трэндаў беларускай культуры, працавалі Рэсурсны цэнтр і Гасцёўня, дзе ладзіліся круглыя сталы, дыскусіі, сустрэчы, прэзентацыі… 

 

“Моцная і свабодная грамадзянская супольнасць абапіраецца на свабодную культуру”

 

“Мы задумвалі ArtPower Belarus дзеля беларускіх аўтараў, каб яны атрымалі больш магчымасцяў для свабоднага самавыяўлення. І мы вельмі ўсцешаныя, што гэтая мэта выкананая: дзякуючы праграме беларуская культура стала багацейшая на 83 творчыя праекты, а 231 асоба атрымала магчымасць павандраваць па Еўропе, каб прэзентаваць сваю творчасць, папрацаваць у архівах ці падвысіць свае кампетэнцыі. І хоць не пра ўсе падтрыманыя праекты мы можам казаць публічна, я ўпэўнены, што кожны аматар беларускай культуры за апошнія два гады неаднойчы меў справу з прадуктамі ArtPower Belarus, – адзначае кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін. – Азіраючыся назад на больш як два гады, магу смела сказаць: гэта была незабыўна творчая і непрадказальная вандроўка для ўсёй каманды Беларускай Рады культуры. Выклік часу, які мы з гатовасцю прынялі. І далі яму рады. Дзякуючы падтрыманню нашых калегаў з Дацкага інстытуту культуры і ўсіх беларускіх творцаў, якія бралі ўдзел у інфасесіях, конкурсах, навучальных праграмах, імпрэзах, аб’яднаных цяпер ужо моцным брэндам ArtPower Belarus. Мы працягнем сваю працу для прыцягнення сродкаў на развіццё незалежнай беларускай культуры”. 

Рэгіянальная дырэктарка Дацкага інстытуту культуры Гэнрыетэ Борг Рэйнгольт (Henriette Borg Reinholdt), кажучы пра значнасць падтрымання беларускай культуры і грамадзянскай супольнасці з боку еўрапейскіх інстытуцыяў, падкрэслівае: 

“Патрэба вялікая, і наступствы будуць вельмі глыбокія, калі мы не працягнем падтрымліваць беларускай грамадзянскай супольнасці. Беларускі сектар мастацтва і культуры мае патрэбу ўва ўсёй максімальнай дапамозе, якую ён можа атрымаць. Моцная і свабодная грамадзянская супольнасць абапіраецца на свабодную культуру, гэта актуальна для Беларусі, як і для любой іншай краіны. Менавіта мастацтва і культура ствараюць нашую ўнутраную абарону, дазваляючы супрацьстаяць аўтарытарным сілам. Менавіта мастацтва і культура ўмацоўваюць нашую здольнасць супрацьстаяць шкодным тэндэнцыям, як дэзынфармацыя, а таксама даюць нам уяўленне, каб намаляваць вобраз новай і лепшай будучыні. Адным словам, мастацтва і культура выхоўваюць устойлівасць і надзею – тое, што вельмі патрэбна ўсёй Еўропе і Беларусі ў прыватнасці. Беларусь – еўрапейская краіна і, урэшце, важны і пазітыўны сусед. Пры ўмове, што мы супрацоўнічаем з беларускімі грамадзянскімі сіламі, якія імкнуцца да свабоднага і дэмакратычнага грамадства”.

 

Запыт на падтрыманне праектаў перавысіў фінансавыя магчымасці ўсёй праграмы больш як у 6 разоў

 

Самай яскраваю, захапляльнай і працаёмкаю часткай ArtPower Belarus стаўся конкурс праектных заявак на атрыманне грантаў для рэалізацыі творчых праектаў і мабільнасцяў. За 7 этапаў арганізатары атрымалі 707 заявак на агульную суму амаль 13 мільёнаў еўраў. Запыт на падтрыманне праектаў перавысіў фінансавыя магчымасці ўсёй праграмы больш як у 6 разоў. Таму кожнае пасяджэнне адборачнай камісіі (у складзе трох прадстаўнікоў Дацкага інстытуту культуры, двух прадстаўнікоў Беларускай Рады культуры і запрошанага эксперта, экс-амбасадара Швецыі ў Беларусі спадара Стэфана Эрыксана), а менавіта яна пастанаўляла, якія менавіта заяўкі мусяць быць падтрыманыя, было доўгім і напружаным. Канкурэнцыя штораз была надзвычай высокая. 

У выніку 7 этапаў за першую эдыцыю ArtPower Belarus ухваленыя 83 праекты і 57 мабільнасцяў 

 

 

 

Бачым, што найбольш праектаў было падтрымана са сфераў літаратуры і візуальнага мастацтва, таксама ў лідарах – музыка, міжсектаральныя праекты, тэатр, кіно і медыі

Якія ж праекты былі падтрыманыя? Адказ на самае папулярнае пытанне камандзе Беларускай Рады культуры знойдзеце тут. У адмысловай галерэі мы сабралі ўсе публічныя праекты (тыя, для каго згадка падтрымання з боку ArtPower Belarus не нясе пагрозы) атрымальнікаў грантаў, а таксама паказалі тыпы непублічных праектаў. 

Што да тыпу грантаў, якія вылучаліся ў межах ArtPower Belarus, вынікі выглядаюць наступным чынам. 

Беларускія творцы атрымалі: 

35 мідзі-грантаў (ад 5 да 50 тыс. еўраў), 
48 міні-грантаў (да 5 тыс. еўраў), 
57 грантаў мабільнасці на вандроўкі дзеля прафесійнага развіцця. 

Важна, што падтрыманыя былі праекты ў Беларусі і каманды, у складзе якіх былі ўдзельнікі з Беларусі. У 56 рэалізаваных праектах і мабільнасцях (са 140) былі ўдзельнікі ў Беларусі. 

 

 

Куды ж вандравалі творцы ў межах ArtPower Belarus? Як бачым на мапе, пунктамі фінальнага прызначэння была большасць краінаў Еўропы. Самыя папулярныя тут — Польшча, Літва, Данія, Італія і Германія. А стартам падарожжаў беларускіх творцаў часцей за ўсё былі Польшча, Беларусь, Літва, Грузія і Чэхія. 

Усяго ўдзельнікамі праграмы мабільнасці сталася 231 асоба. Гэта 117 жанчын (51 %) і 114 мужчынаў – (49 %), таксама ў вандроўках бралі ўдзел дзеці. 

Прыблізна палова ўдзельнікаў праграмы мабільнасці дзякуючы ArtPower Belarus здзейсніла падарожжы з мэтаю прафесійнага развіцця ўпершыню.

 

 

“Гэта дало не толькі прафесійны рост, але і адчуванне еднасці з супольнасцю, што асабліва каштоўна ў эміграцыі”

 

Цяпер, калі напружаны перыяд рэалізацыі праектаў і афармлення выніковых справаздачаў завершаны, ёсць хвілінка для рэфлексіі. Якою сталася праграма ArtPower Belarus для яе ўдзельнікаў? Дамо ім слова*. 

“Дзякуючы праграме ArtPower Belarus я змог наведаць важныя індустрыйныя захады, пазнаёміцца з натхняльнымі людзьмі і правесці творчыя сустрэчы з беларускаю дыяспараю. Гэта дало не толькі прафесійны рост, але і адчуванне еднасці з супольнасцю, што асабліва каштоўна ў эміграцыі. Такія ініцыятывы – не проста падтрымка, а рэальны штуршок да развіцця і новых магчымасцяў”. 

“Удзел у ArtPower Belarus даў мне каштоўную магчымасць мабільнасці, якая дапамагла ў маёй творчай працы. На маю думку, праект зроблены на найвышэйшым узроўні. Уся дакументацыя і камунікацыя вяліся па-беларуску, заяўка і справаздача не забралі шмат часу, што дазволіла цалкам засяродзіцца на праекце і вельмі плённа над ім папрацаваць. Вялізны дзякуй за вашую працу, і спадзяюся, што праграма ArtPower Belarus будзе існаваць і дапаможа яшчэ многім творцам”.

“Мяне асабіста і ўсю каманду ўразіў прафесіяналізм вашай групы, якая дапамагае мноству беларусаў паказаць сябе. Дакладна гэтак сама вялізная колькасць людзей змагла ўбачыць нашую творчасць і зразумець, што беларуская культура жывая!

 Мы дзякуем вашай камандзе за магчымасць рэалізаваць свае надзеі і мары!”

Мы развітваемся з першай эдыцыяй ArtPower Belarus, але працягваем заставацца ў плыні праграмы, бо неўзабаве стартуе яе другая эдыцыя. Яшчэ большыя магчымасці для творцаў, новая сістэма падачы заявак і новыя актыўнасці. Заставайцеся з намі! Сачыце за навінамі праграмы на афіцыйным сайце Беларускай Рады культуры і ў нашых сацыяльных сетках. 

 

Апублікавана 06.03.2025

АПОШНІЯ НАВІНЫ

Slide 1
Slide 1
Slide 1
Slide 1
Slide 1
Slide 1
previous arrow
next arrow