“Ад пачатку нашага існавання, калі мы яшчэ дзейнічалі як выратавальная каманда для творцаў, у нас было жаданне і амбіцыя, каб культура трапіла ў прыярытэты ў тым ліку еўрапейскіх структур, якія дапамагаюць Беларусі. Мы бачым сэнс у тым, каб пашыраць яе ролю і ўплыў, каб яна гучала ў прамовах палітычных лідараў і трапляла ў праграмы падтрымкі, бо разумеем, што культура таксама рухае перамены.”
– кажа кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін.
Праект “ArtPower Belarus” разлічаны на 28 месяцаў і створаны адмыслова для беларускіх дзеячаў культуры, аўтараў усіх галінаў мастацтва, а таксама іх аўдыторыі – за мяжой і, наколькі гэта магчыма, унутры краіны. Ён ставіць сабе дзве галоўныя мэты: падтрыманне культурніцкіх ініцыятываў дзеля кансалідацыі беларускага грамадства, у тым ліку дыяспараў і суполак у выгнанні, а таксама стварэнне прафесійных культурніцкіх сетак і павышэнне майстэрства творцаў у гэтых сетках.
“У межах ArtPower Belarus Рада стварае Рэсурсны цэнтр. Гэта рэальная прастора для камунікацыі, што будзе месціцца ў Вільні. Мы таксама плануем правесці курс падрыхтоўкі менеджараў культуры, штогод ажыццяўляць міжнародныя культурніцкія канферэнцыі ды рыхтаваць рэгулярныя аналітычныя справаздачы. Пэўны адсотак ад грошай праекту разлічаны на экстранную дапамогу прадстаўнікам культуры.”
– адзначае распрацоўніца праекту “ArtPower Belarus” Таццяна Пашавалава.
Дацкі інстытут культуры выступае вядучым партнёрам: арганізацыя мае адпаведны досвед буйных міжнародных праектаў па ўсім свеце, у прыватнасці ў краінах “Усходняга партнёрства”.
Праект “ArtPower Belarus” – вельмі важная і каштоўная магчымасць для Дацкага інстытуту культуры працягнуць працу ў справе падтрымання беларускай культуры ў шчыльным партнёрстве з Беларускаю Радаю культуры. Мы верым ва ўзаеманавучанне і шчыльныя сувязі ў галіне культуры. Гэты праект – важны крок да захавання беларускага культурніцкага жыцця, і разам з Радаю мы цешымся з магчымасці падтрымаць беларускіх творцаў і працаўнікоў культуры.
– дзеліцца Мэс Эстэргор (Mads Østergaard), часовы дырэктар Дацкага інстытуту ў Эстоніі, Латвіі і Літве (Беларусі і Украіне).
Усё гэта ў час беспрэцэдэнтных рэпрэсіяў і бесперапыннай міграцыі творцаў за мяжу мусіць, наколькі гэта магчыма, не толькі аднавіць адабраныя магчымасці для свабоднага выказвання, але і ўзмацніць уплыў культурніцкіх дзеячаў на рух Беларусі ў кірунку незалежнай дэмакратычнай краіны.
АПОШНІЯ НАВІНЫ