ArtPower Belarus працягваецца: стартуе новы кол для праектаў з бюджэтам да 60 тысяч еўраў

Пачаўся чарговы тур прыёму заявак на падтрыманне творчых праектаў і мабільнасці ArtPower Belarus, ён жа апошні кол для інстытуцыяў, а таксама індывідуальных праектаў, якія прэтэндуюць на фінансаванне ад 5000 да 60 000 еўраў. Прыём заявак на міні-гранты і гранты мабільнасці працягнецца ва ўжо звыклым штоквартальным фармаце.

Заяўкі прымаюцца ўжо з сёння, 4 кастрычніка 2023 года

Дэдлайн падачы заявак – 13 лістапада 2023 года.

Старт рэалізацыі праектаў – не раней за 1 лютага 2024 года. 

Максімальны магчымы тэрмін завяршэння праекту – 1 лістапада 2024 года. 

Вынікі колу будуць вядомыя ў студзені 2024 года. 

“Мы вельмі ўсцешаныя тым, што маем магчымасць падтрымаць найлепшыя культурніцкія праекты праз чарговы call for applications. Усведамляючы актуальнасць і відавочны рост попыту на падтрыманне беларускай культуры, мы бачым вялікую каштоўнасць як у прасоўванні аўтэнтычных нацыянальных праектаў, гэтак і ў спрыянні міжнародным творчым калабарацыям – найперш з культурніцкімі дзеячамі краінаў Балтыі і Паўночнай Еўропы. Мы спадзяёмся, што гэтая праграма будзе надалей спрыяць нараджэнню новых і ўдасканаленню ўжо існых праектаў. Мы заўсёды адкрытыя для супрацы на падмурку нашых агульных дэмакратычных каштоўнасцяў”, – падкрэслівае рэгіянальная дырэктарка Дацкага інстытуту культуры ў краінах Балтыі і рэгіёне Балтыйскага мора Лізавета Дубінка-Гушча.

Беларускія творцы ў межах гэтага туру могуць прэтэндаваць на тры варыянты падтрымання:

– мідзі-гранты: ад 5000 да 60 000 еўраў; 

– міні-гранты: ад 1000 да 5000 еўраў;

– гранты мабільнасці на паездкі, неабходныя для працы, навучання, даследаванняў, абмену досведам і прэзентацыі сваёй працы: сярэдняя сума – 2000 еўраў. 

Увага! Мы крыху змянілі заявачныя і бюджэтныя формы. Калі ласка, спампуйце іх і пры падачы праектаў на падтрыманне ў межах гэтага колу карыстайцеся менавіта абноўленымі версіямі. 

“Гэта конкурс не для тых, хто выехаў. І не конкурс для тых, хто застаўся. Нам падаюць заяўкі творцы як у Беларусі, гэтак і за мяжой, а таксама міксаваныя і мабільныя каманды беларусаў з розных краінаў. І кожная заяўка мае каштоўнасць. Спадзяёмся, што прыблізна такая прапорцыя захаваецца надалей, бо ўсе мы працуем у адной культурнай прасторы на карысць сваёй Айчыны”, – адзначае кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін.

Што адбываецца з заяўкамі, пададзенымі на конкурс? 

На этапе прыёму з заяўкамі працуюць грант-менеджары Рэсурснага цэнтру Беларускай Рады культуры, якія сочаць найперш за правільнасцю запаўнення формаў. 

Потым кожную заяўку ацэньваюць па два беларускія эксперты, якія выстаўляюць балы паводле пяці асноўных крытэраў : 1) адпаведнасць і актуальнасць, 2) якасць кантэнту і дзейнасці; 3) ахоп і распаўсюд, 4) якасць менеджменту і фінансавы патэнцыял выканання праекту, 5) ацэнка рызык. 

Фінальнае рашэнне – падтрымаць праект ці не – прымае адборачны камітэт, які складаецца з трох прадстаўнікоў Дацкага інстытуту культуры, двух прадстаўнікоў Беларускай Рады культуры і запрошанага эксперта. Гэта Стэфан Эрыксан, былы амбасадар Швецыі ў Беларусі. 

Увага! На мідзі- і міні-гранты мы прымаем заяўкі як ад прыватных асобаў (адной ці некалькіх), гэтак і юрыдычных. Аднак у выпадку з мідзі-грантамі пералік сродкаў на рэалізацыю праекту можа быць зроблены выключна на рахунак юрыдычнай асобы (фірма, НДА, арганізацыі і юрыдычныя асобы іншага тыпу). З рахунку такога тыпу мусіць таксама весціся фінансавае адміністраванне праекту. Сам заяўнік (група) не абавязкова мусіць быць уладальнікам юрыдычнай асобы, але яшчэ на этапе падавання заяўкі варта прадугледзець такое партнёрства. 

Падрабязней – у раздзеле FAQ. Там жа знойдзеце адказы на шмат якія іншыя частыя пытанні.

Мы не ўсё прадбачылі? Скіруйце запыт у лісце на адрас: resource@byculture.org.

Пытанні грант-менеджарам і каардынатарам праекту можна задаць таксама падчас адной з дзвюх інфасесіяў. 

10 кастрычніка – у Вільні (толькі офлайн!). Зарэгістравацца.

24 кастрычніка – онлайн. Зарэгістравацца. 

ArtPower Belarus – маштабная праграма падтрымання беларускай культуры. Яе рэалізуюць Беларуская Рада культуры і Дацкі інстытут культуры пры фінансавым спрыянні Еўразвязу. Распачалася ў кастрычніку 2022 года і будзе доўжыцца да лютага 2025 года. Галоўная мэта ArtPower Belarus – спрыяць свабоднаму самавыяўленню беларускіх дзеячаў мастацтва і культуры ў рэалізацыі іхных творчых праектаў.

Новая Беларусь – наш супольны арт-праект!

Апублікавана: 04.10.2023

АПОШНІЯ НАВІНЫ

Slide 1
Slide 1
Slide 1
Slide 1
Slide 1
previous arrow
next arrow