ArtPower Belarus стартуе: падавайце свае заяўкі і атрымайце ад 1000 да 60 000 еўраў

Мы распачынаем прыём заявак на падтрымку творчых праектаў і мабільнасці ў межах ArtPower Belarus – буйной праграмы Еўразвязу, якая рэалізуецца Беларускай Радай культуры супольна з Дацкім інстытутам культуры.

Наша галоўная мэта – падтрымаць свабоднае самавыяўленне беларускіх дзеячаў мастацтва і культуры ў рэалізацыі іхных творчых праектаў.

“Мы чакаем свежыя ідэі з розных сфераў культуры, а таксама міжсектарныя ініцыятывы. Праектная падтрымка разам з праграмаю мабільнасці – цудоўная магчымасць для творцаў заявіць пра сябе ды атрымаць не толькі фінансы, але і каштоўную зваротную сувязь ад экспертнай супольнасці”, – заклікае прадстаўніца Рэсурснага цэнтру Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая да ўдзелу ў конкурсе.

 

Праекты, якія падаюцца ў межах ArtPower Belarus, мусяць падтрымліваць свабоду меркаванняў і разнастайнасць беларускай культуры, спрыяць еднасці беларускага культурніцкага жыцця ва ўмовах масавай міграцыі і палітычнага тэрору, захоўваць нацыянальную культурную спадчыну як частку еўрапейскай.  

У конкурсе могуць удзельнічаць як самастойныя творцы, так і арганізацыі ды ініцыятывы, якія знаходяцца ў Беларусі ці ў іншых еўрапейскіх краінах. 

Яны могуць прэтэндаваць на:

– міні-гранты: ад 1000 да 5000 еўраў, заяўкі прымаем да канца траўня 2024 года ці вычарпання сродкаў, разглядацца яны будуць кожны квартал;

– мідзі-гранты: ад 5000 да 60 000 еўраў, усяго будзе два колы, дэдлайн першага – 12 сакавіка 2023 года, другі будзе абвешчаны ў снежні 2023 – студзені 2024 гг.

– гранты мабільнасці на паездкі, неабходныя для працы, навучання, даследаванняў: сярэдняя сума – 2000 еўраў, заяўкі прымаем да канца траўня 2024 года ці вычарпання сродкаў

Праект разлічаны на 28 месяцаў.

За першы год мы плануем вылучыць:  

– не менш за 15 міні-грантаў на агульную суму 75 000 еўраў, 

– не менш за 11 мідзі-грантаў на агульную суму 440 000 еўраў

– не менш за 50 грантаў мабільнасці на агульную суму 100 000 еўраў. 

Кожны пададзены праект разгледзяць экспертная (фармуецца з адмыслоўцаў сферы) і адборачная камісіі (складаецца з прадстаўнікоў Дацкага інстытуту культуры, Беларускай Рады культуры і экспертаў). 

Падаць заяўку на грант

7 лютага 2023 года адбылася інфасесія праекта ArtPower Belarus. Адказы на галоўныя пытанні размешчаны ў раздзеле FAQ.

Па ўсіх пытаннях можна таксама звяртацца на пошту resource@byculture.org

Новая Беларусь – наш супольны арт-праект!

Апублікавана 31.01.2023

АПОШНІЯ НАВІНЫ