Бюджэт на міні-гранты павялічаны ўдвая, у прафесійныя вандроўкі выправяцца 25 дзеячаў беларускай культуры

Падведзеныя вынікі другога туру конкурсу на атрыманне міні-грантаў і мабільнасцяў праграмы ArtPower Belarus Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытуту культуры, што ладзіцца пры фінансавай падтрымцы Еўразвязу.

Экспертная і адборачная камісіі вызначылі 12 праектаў — атрымальнікаў міні-грантаў на агульную суму каля 50 тысяч еўраў, 25 чалавек атрымаюць гранты мабільнасці, якія можна скарыстаць на паездкі для працы, навучання, даследаванняў ды іншага. Усяго ж у межах гэтага туру арганізатары атрымалі 93 заяўкі на міні-гранты на агульную суму больш як 417 тысяч еўраў і 17 заявак — на праграму мабільнасці. 

Пададзеныя заяўкі належаць сферам літаратуры, кіно, тэатру, адукацыі, музыкі, выяўленчага мастацтва, захавання спадчыны, традыцыйнай культуры. Заўважную колькасць склалі міждысцыплінарныя праекты. 

Усе зрабілі вельмі добрую працу. Бачна, што апліканты старанна працавалі, бо эксперты і камісія атрымалі якасныя, прадуманыя заяўкі, у якіх прапаноўвалася шмат крэатыўных ідэяў. На жаль, немагчыма было падтрымаць усе, бо гэта   конкурс, і фінансавыя магчымасці кожнага кола праграмы ArtPower Belarus абмежаваныя. Мяркую, што былі адабраныя найлепшыя, — кажа Лізавета Дубінка-Гушча, рэгіянальная дырэктарка Дацкага інстытуту культуры ў Балтыйскіх краінах і рэгіёне Балтыйскага мора. — Прыняць канчатковае рашэнне было няпроста. Aдборачная камісія нават пашырылa першапачатковыя межы фінансавай падтрымкі ў межах гэтага кола, і замест планаваных 5 заявак удалося падтрымаць 12. Спадзяёмся, гэтае рашэнне ўспрымецца як знак высокай якасці заявак і сведчанне таго, што беларуская культура развіваецца, нягледзячы ні на што”. 

Праекты ацэньвалі ў два этапы. Спачатку працавала экспертная камісія, куды ўвайшло 13 адмыслоўцаў з розных сфераў, затым — адборачная камісія, якая склалася з трох прадстаўнікоў Дацкага інстытуту культуры, двух прадстаўнікоў Беларускай Рады культуры і запрошанага эксперта, якім ужо традыцыйна стаўся былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан.

Ізноў мы сутыкнуліся са складанай задачай — з вялікай колькасці якасных заявак абраць самых годных. У маім асабістым топ-лісце было каля 30 практычна раўназначных праектаў: як гатовых ідэяў, якія за крок ад рэалізацыі, так і вельмі перспектыўных стартапаў у самых розных сферах культуры. Усе яны ствараюць падмурак сучаснай беларускай культуры, — дзеліцца кіраўнік Беларускай Рады культуры і сябра адборачнай камісіі Сяргей Будкін. — Спадзяюся, што абраныя праекты будуць рэалізаваныя ў поўнай меры і іх аўтары натхняцца на далейшае развіццё сваіх ідэяў. А тым, хто не прайшоў адбору гэтым разам, зычу не складаць рук і працягваць творчы пошук”.

Праграма ArtPower Belarus доўжыцца. 

Арганізатары працягваюць прымаць заяўкі на праграму мабільнасці. 

Наступны кол на мідзі-гранты, як і планавалася, будзе абвешчаны ўвосень 2023 года. 

Да 13 лістапада 2023 года таксама прымаюцца заяўкі на невялікія праекты (міні-гранты). На жаль, сёлетні бюджэт іх падтрымання ўжо вычарпаны цалкам (праз павелічэнне колькасці зацверджаных у другім коле праектаў), таму наступны разгляд заявак на міні пройдзе толькі ў студзені 2024 года.

За ўсімі актуальнымі дэдлайнамі ArtPower Belarus сачыце на сайце Рэсурснага цэнтру Беларускай Рады культуры. 

Новая Беларусь — наш супольны арт-праект!



Апублікавана 26.07.2023

АПОШНІЯ НАВІНЫ